﻿ПСАЛТЫР.
18.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. 
Нябёсы прапаведуюць славу Божую, і пра дзею рук Ягоных абвяшчае цьвердзь. 
Дзень дню перадае слова, і ноч ночы адмыкае веды. 
Няма мовы, і няма гаворкі, дзе ня чуўся б іхні голас. 
Па ўсёй зямлі праходзіць іхні гук, і па край сьвету словы іхнія. Ён паставіў у іх жытло сонцу, 
і яно выходзіць, як малады са шлюбных харомаў сваіх, радуецца, быццам волат, прабегчы дарогу-прагон: 
ад краю нябёсаў зыход ягоны, і шэсьце ягонае да краю іхняга, і нічога не схавана ад ягонае цяплыні. 
Закон Госпада дасканалы, ён мацуе душу; адкрыцьцё Госпада слушнае, умудрае простых. 
Загады Госпада справядлівыя, разьвясельваюць сэрца; наказ Госпада сьветлы, прасьвятляе вочы. 
Страх Гасподні чысты, застаецца навечна. Суды Гасподнія - ісьціна, усе справядлівыя; 
яны больш жаданыя за золата і нават за мноства золата чыстага, за мёд саладзейшыя і за кропелькі з сотаў; 
і раб Твой вартуецца імі; у захаваньні іхнім вялікая дзяка. 
Хто ўгледзіць пагрэшкі свае? Ад тайных маіх ачысьці мяне, 
і ад наўмысных утрымай раба Твайго, каб не завалодалі мною. Тады я буду беззаганны і чысты ад вялікай разбэшчанасьці. 
Хай будуць словы з вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы Табе, Госпадзе, цьвярдыня мая і Збаўца мой! 
