﻿ПСАЛТЫР.
19.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. 
Хай пачуе цябе Гасподзь у дзень скрухі, хай абароніць цябе імя Бога Якаўлевага. 
Хай пашле табе дапамогу са Сьвятыні, і зь Сіёна хай падмацуе цябе. 
Хай успомніць усе прынашэньні ахвяраў твае і цэласпаленьне тваё хай зробіць тлустым. 
Няхай дасьць табе, што па сэрцы табе, і ўсе намеры твае няхай выканае. 
Мы парадуемся выратаваньню твайму, і ў імя Бога нашага падымем сьцяг. Няхай выканае Гасподзь усе просьбы твае. 
Сёньня спазнаў я, што Гасподзь ратуе памазанца Свайго; адказвае яму са сьвятых нябёсаў Сваіх магутнасьцю ратавальнай правіцы Сваёй. 
Некаторыя калясьніцамі, некаторыя конямі, а мы імем Госпада, Бога нашага, хвалімся: 
яны пахіснуліся, і ўпалі, а мы ўсталі, і стаім проста. 
Госпадзе! уратуй цара, і пачуй нас, калі паклічам. 
