﻿ПСАЛТЫР.
20.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. 
Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца. 
Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў. 
Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата. 
Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя. 
Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч. 
Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго, 
бо цар спадзяецца на Госпада, і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца. 
Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе Тваіх ненавісьнікаў. 
У час гневу Твайго Ты зробіш іх, як печ вогненную; у гневе Сваім Гасподзь іх пагубіць, і паглыне іх вагонь. 
Ты вынішчыш плод іхні - спасярод сыноў чалавечых, 
бо яны ўчынілі зло супроць Цябе, змовы склалі, але ня здолелі нічога, 
Ты іх паставіш пад стрэлы, з лукаў Тваіх пацэліш у твар ім. 
Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць. 
