﻿ПСАЛТЫР.
25.
Псальма Давідава. Рассудзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беспахібнасьці маёй, і, у надзеі на Госпада не пахіснуся. 
Выпрабуй мяне, Госпадзе, растапі мне вантробы і сэрца маё, 
бо міласьць Твая перад маімі вачыма, і ў праўдзе Тваёй я хадзіў, 
не сядзеў я зь людзьмі аблуднымі і з падступнымі не пайду; 
я зьненавідзеў зборню зламысьнікаў, і зь бязбожнікамі ня сяду; 
буду мець у нявіннасьці рукі мае і абыходзіць Твой ахвярнік, Госпадзе, 
каб абвяшчаць Табе голасна славу і пра ўсе цуды Твае расказаць. 
Госпадзе! палюбіў я жытло Твайго дома і месца, дзе слава Твая жыве. 
Не загубі душы мае з грэшнікамі і жыцьця майго з крыважэрнымі, 
у чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная зьдзірства. 
А я хаджу ў сваёй беззаганнасьці; вызвалі мяне, і ўмілажалься зь мяне. 
Нага мая стаіць на роўным; на сходах праслаўлю Госпада. 
