﻿ПСАЛТЫР.
26.
Псальма Давідава. Перад памазаньнем. Гасподзь - сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь - цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца? 
Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць. 
Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду. 
Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную; 
бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу. 
Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам. 
Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне. 
Сэрца маё кажа ад Цябе: «шукайце аблічча Майго»; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе. 
Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой! 
Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме; 
навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сьцежку праўды, дзеля ворагаў маіх; 
не выдавай мяне сваволі ворагаў маіх; бо паўсталі на мяне сьведкі аблудныя і дыхаюць злосьцю. 
Але я веру, што ўбачу даброць Гасподнюю на зямлі жывых. 
Май надзею на Госпада, будзь мужны; і хай мацуецца сэрца тваё, май надзею на Госпада. 
