﻿ПСАЛТЫР.
27.
Псальма Давідава. Цябе, Госпадзе, заклікаю: цьвярдыня мая! ня будзь бязмоўны са мною, каб пры маўчаньні Тваім ня стаўся я падобным да тых, што ў магілу сыходзяць. 
Пачуй голас маленьняў маіх, калі я клічу Цябе, калі падымаю рукі мае да сьвятога храма Твайго. 
Не загубі мяне з грэшнікамі і з тымі, што крыўду ўчыняюць, якія з блізкімі сваімі гавораць пра мір, а ў сэрцы ў іх ліхое. 
Аддай ім паводле іхніх дзеяў, паводле ліхіх учынкаў іхніх; паводле дзеяў іхніх рук ім аддай; аддай ім, што заслужылі яны. 
За тое, што не зважаюць на дзеі Гасподнія і на справы рук Ягоных, Ён іх разбурыць і ня збудуе іх. 
Дабраславёны Гасподзь, бо Ён пачуў голас маленьняў маіх. 
Гасподзь - цьвярдыня мая і мой шчыт; на яго спадзявалася сэрца маё; і я праслаўлю Яго песьняй маёю. 
Гасподзь - сіла народу Свайго і ратавальная абарона памазанца Свайго. 
Ратуй Твой народ, і дабраславі Тваю спадчыну; і гадуй іх і ўзвышай іх вечна! 
