﻿ПСАЛТЫР.
28.
Псальма Давідава. Напрыканцы сьвята Кучак. Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і чту, 
аддайце Госпаду славу імя Ягонага; пакланецеся Госпаду ў пышнай сьвятасьці Ягонай. 
Голас Гасподні над водамі, Бог славы загрымеў, Гасподзь над вялікімі водамі. 
Голас Гасподні моцны; голас Гасподні велічны. 
Голас Гасподні ламае кедры; Гасподзь ламае кедры Ліванскія 
і прымушае іх скакаць, як цялят, Ліван і Сірыён - як маладога аднарога. 
Голас Гасподні выкрасае полымя вогненнае. 
Голас Гасподні трасе пустыню; трасе Гасподзь пустыню Кадэс. 
Голас Гасподні прымушае касуль каціцца, і агаляе лясы; і ў храме Ягоным абвяшчае пра славу Ягоную. 
Гасподзь сядзеў над патопам, і сядзецьме Гасподзь царом вечна. 
Гасподзь дасьць сілу народу Свайму; Гасподзь дабраславіць народ Свой мірам. 
