﻿ПСАЛТЫР.
32.
Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць! 
Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры; 
новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем, 
бо слова Гасподняе - шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя. 
Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца. 
Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных - усе сілы нябесныя. 
Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах. 
Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце, 
бо сказаў Ён - і сталася; Ён загадаў - і зьявілася. 
Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў. 
А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага - з роду ў род. 
Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, - племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе. 
Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых; 
з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі: 
Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям. 
Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла. 
Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю. 
Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную, 
што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх. 
Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша; 
Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся. 
Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем. 
