﻿ПСАЛТЫР.
33.
Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар'ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў. 
Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх. 
Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца. 
Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам. 
Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне. 
Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму. 
Вось убогі паклікаў, - і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў. 
Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, - і іх вызваляе. 
Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца! 
Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго. 
Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры. 
Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу. 
Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро? 
Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў. 
Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім. 
Вочы Гасподнія - на праведных, і вушы Ягоныя - на скаргу іхнюю. 
А аблічча Гасподняе - супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх. 
Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе. 
Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам - уратуе. 
Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе. 
Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца! 
Зло заб'е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць. 
Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца. 
