﻿ПСАЛТЫР.
34.
Псальма Давідава. Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне; 
вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне; 
агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я - ратунак твой! 
Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе; 
хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх. 
Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх, 
бо яны бязь віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю! 
Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю. 
А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго. 
Усе косткі мае скажуць: «Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?» 
Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, - выпытваюць у мяне; 
плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй. 
А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю. 
Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці. 
А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі; 
з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі. 
Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў - самотную душу маю! 
Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе, 
каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага; 
бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы; 
разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: «добра! добра! бачыла наша вока». 
Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне. 
Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой! 
Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне; 
хай ня кажуць у сэрцы сваім: «добра! добра!, нам да душы!» Хай ня кажуць: «мы праглынулі яго». 
Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хто фанабэрыцца над мною. 
Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: «хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!» 
І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень. 
