﻿ПСАЛТЫР.
36.
Псальма Давідава. Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым, 
бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць. 
Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся. 
Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго. 
Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць, 
і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень. 
Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму. 
Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое, 
бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе. 
Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго. 
А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім. 
Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі; 
а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны. 
Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая: 
меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца. 
Лепш - малое ў праведніка, чым багацьце - у многіх бязбожнікаў, 
бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь! 
Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна. 
Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць; 
а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць. 
Пазычае бязбожны - і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае, 
бо ўміласлаўленыя Ім - зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім - будуць вынішчаны. 
Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай: 
калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку. 
Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі: 
ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным - дабраславеньне будзе. 
Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна: 
бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца. 
Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна. 
Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду. 
Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя. 
Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго; 
але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць. 
Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш. 
Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва; 
але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу. 
Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму - будучыня; 
а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне. 
Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён - абарона ім у часіны жальбы: 
і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць. 
