﻿ПСАЛТЫР.
37.
Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу. 
Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім, 
бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае. 
Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх, 
бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне, 
сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго. 
Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу; 
бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім. 
Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго. 
Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае. 
Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх - і таго няма ў мяне. 
Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць. 
Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое; 
а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе; 
і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу, 
бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой. 
І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною. 
Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною. 
Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім. 
А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага; 
і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду. 
Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне; 
пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой! 
