﻿ПСАЛТЫР.
40.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава, 
Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь. 
Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных. 
Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай. 
Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою. 
Ворагі мае пра мяне кажуць благое: «Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?» 
І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое. 
Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць: 
«слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане». 
Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу. 
А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу. 
З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне, 
а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна. 
Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін! 
