﻿ПСАЛТЫР.
45.
Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. На музычным інструмэньце Аламот. Песьня. 
Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах. 
Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў. 
Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хваляваньня іх. 
Рачныя патокі весяляць горад Божы, сьвятое жытло Ўсявышняга. 
Бог сярод яго; ён не пахісьнецца: Бог дапаможа яму з самае раніцы. 
Зашумелі народы; пахіснуліся царствы: а Ён голас падаў Свой, і растала зямля. 
Гасподзь сілы з намі, Бог Якава заступнік наш. 
Прыйдзеце і пабачце дзеі Гасподнія, - якія ўчыніў Ён на зямлі спусташэньні: 
спыняючы войны да краю зямлі, зламаў лук і струшчыў дзіду, калясьніцы спаліў вагнём. 
Спынецеся і ўведайце, што Я - Бог: буду праслаўлены сярод народаў, праслаўлены на зямлі. 
Гасподзь сілы з намі, заступнік наш Бог Якава. 
