﻿ПСАЛТЫР.
47.
Песьня. Псальма сыноў Карэевых. 
Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі ў горадзе Бога нашага, на сьвятой гары Ягонай. 
Прыгожае ўзвышша, радасьць усёй зямлі гара Сіён; на паўночным схіле яе горад вялікага Цара. 
Бог у харомах ягоных вядомы як цьвярдыня: 
бо вось, сышліся цары і прайшлі ўсе міма; 
убачылі і дзіву даліся, спалохаліся і паўцякалі: 
агарнуў іх там страх і пакута, быццам боль парадзіху; 
усходнім ветрам разьбіў Ты Тарсіскія караблі. 
Як мы чулі, так і ўбачылі ў горадзе Госпада сілы, у горадзе Бога нашага; Бог уцьвердзіць яго навечна. 
Разважалі мы, Божа, пра добрасьць Тваю пасярод храма Твайго. 
Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая да краю зямлі; правіца Твая поўная праўды. 
Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі юдэйскія дзеля судоў Тваіх, Госпадзе. 
Атачэце Сіён, і абступеце яго; палічэце ягоныя вежы; 
Зьвярнеце сэрца ваша на ўмацаваньні ягоныя; разгледзьце будынкі ягоныя, каб расказаць пакаленьню наступнаму, 
бо гэты Бог ёсьць Бог наш на векі вечныя; Ён будзе павадыром нам да самае сьмерці. 
