﻿ПСАЛТЫР.
48.
Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма. 
Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце, 
і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны; 
вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго - веданьне. 
Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе: 
«чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных», 
якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца? 
Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу; 
бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек, 
каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы. 
Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым. 
У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі. 
Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне. 
Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць. 
Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла - жытлішча іхняе. 
Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне. 
Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца: 
бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная, 
хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро, 
але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла. 
Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне. 
