﻿ПСАЛТЫР.
49.
Псальма Асафава. Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду. 
Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог, 
ідзе Бог наш - і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура. 
Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю - народ Свой судзіць: 
«зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет». 
І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты - Бог. 
Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я - Бог, твой Бог. 
Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною, 
не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх; 
бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор, 
ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною. 
Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе. 
Ці ем Я валовае мяса, і ці п'ю Я казьліную кроў? 
Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму, 
і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне. 
А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае, 
а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш? 
Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся, 
вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце; 
сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш; 
ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае. 
Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць. 
Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак! 
