﻿ПСАЛТЫР.
51.
Кіроўцу хору. Вучэньне Давідава, 
пасьля таго, як прыходзіў Доік Ідумэянін, і данёс Саўлу, і сказаў яму, што Давід прыйшоў у дом Ахімэлэхаў. 
Чаго хвалішся злачынствам, магутны? Ласка Божая заўжды са мною; 
твой язык наклікае пагібель; як брытва навостраная ён у цябе, падступнік! 
Ты болей любіш зло, чым дабро, а няпраўду болей за праўду казаць; 
ты любіш усякія шкадлівыя словы, язык аблудны. 
За гэта Бог зруйнуе цябе дарэшты, выкіне цябе і вырве цябе зь сялібы тваёй і корань твой зь зямлі жывых. 
Убачаць праведнікі і напалохаюцца; пасьмяюцца зь іх і скажуць: 
вось чалавек, які ня ў Богу закладваў цьвярдыню сваю, а спадзяваўся на мностьва багацьця свайго, мацаваўся ў злачынстве сваім. 
А я, як аліва зялёная, у доме Божым; і надзею кладу на міласьць Божую на векі вечныя, 
вечна буду славіць Цябе за тое, што Ты ўчыніў, і на Тваё спадзявацца імя, бо яно добрае перад сьвятымі Тваімі. 
