﻿ПСАЛТЫР.
55.
Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце. 
Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне. 
Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні! 
Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе. 
У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела? 
Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне - на ліхое: 
зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю. 
Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы. 
Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, - ці ня ў кнізе яны Тваёй? 
Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне. 
У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае. 
На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек? 
На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы, 
бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых. 
