﻿ПСАЛТЫР.
57.
Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава. 
Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя? 
Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі. 
З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману. 
Яд у іх - нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе 
і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах. 
Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам! 
Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца. 
Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны. 
Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, - няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае! 
А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые! 
І скажа чалавек: «Сапраўды ёсьць плод справядліваму! Сапраўды ёсьць Бог - судзьдзя на зямлі!» 
