﻿ПСАЛТЫР.
60.
Кіроўцу хору. На струнным інструмэньце. Псальма Давідава. 
Пачуй, Божа, мой лямант, уваж малітве маёй, 
ад краю зямлі заклікаю Цябе ў заняпаласьці сэрца майго; узьвядзі мяне на скалу, недасягальную мне, 
бо Ты апора мая, Ты моцная абарона ад ворага. 
Хай жыцьму я вечна ў сялібе Тваёй, і ўпакоюся пад покрывам крылаў Тваіх, 
бо Ты, Божа, пачуў абяцаньні мае і даў мне спадчыну тых, хто баіцца Твайго імя. 
Памнож цару дні на дні, гады падоўжы яму - з роду ў род, 
няхай жыцьме ён прад Богам вечна; накажы мілажалю і праўдзе ахоўваць яго. 
І я сьпяваць буду імю Твайму вечна, абяцаньні мае выконваць дзень у дзень. 
