﻿ПСАЛТЫР.
63.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. 
Пачуй, Божа, голас мой у малітве маёй; ад страху ворага душу маю аслані. 
Ахавай мяне ад намыслаў падступных, ад бунту злыдняў, 
якія язык свой навастрылі, як меч; напнулі лук свой - слова зьедлівае, 
каб употай страляць у беззаганнага; яны зьнянацку страляюць па ім, і не баяцца. 
Яны ўмацавалі сябе ў намеры ў ліхім; змовіліся таемна сеткі паставіць; казалі: хто іх убачыць? 
Яны крыўды шукаюць, віжуюць і сочаць і падкопваюцца да нутра чалавечага і да глыбіняў сэрца. 
Але Бог паб'е іх стралою: зьнянацку будуць яны пацэлены. 
Языком сваім яны заб'юць самі сябе; усе, хто іх бачыць, адыдуць ад іх. 
І збаяцца ўсе людзі, і абвесьцяць дзею Божую, і зразумеюць, што гэта дзея Яго. 
А праведны ўзьвесяліцца ў Богу і на Яго спадзявацца будзе; і пахвалены будуць усе справядлівыя сэрцам! 
