﻿ПСАЛТЫР.
64.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня. 
Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме. 
Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць. 
Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя. 
Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго. 
Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры, 
Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны, 
Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў! 
І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю. 
Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў; 
Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе; 
вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць; 
цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца, 
лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць. 
