﻿ПСАЛТЫР.
65.
Клікніце Богу, уся зямля. 
Сьпявайце славу імю Ягонаму; гонар славе Ягонай, хвала Яму. 
Скажэце Богу: грозны Ты ў дзеях Тваіх! У вялікай сіле Тваёй упакорацца Табе ворагі Твае. 
Хай паклоніцца Табе ўся зямля і сьпявае Табе, хай сьпявае імю Твайму, Усявышні! 
Прыйдзеце і гляньце на дзеі Бога, грознага ў дзеях супроць сыноў чалавечых. 
Ён мора ў сушу ператварыў: раку перайшлі нагамі; там радасьць была нам у Ім. 
Магутнасьцю Сваёю ўладарыць Ён вечна; вочы Ягоныя глядзяць на народы, хай ня ўзносяцца бунтаўшчыкі. 
Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму. 
Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца. 
Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра. 
Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя, 
пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю. 
Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае, 
якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй. 
Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў. 
Прыйдзеце, паслухайце ўсе, богабаязныя, і я абвяшчу вам, што стварыў Ён душы маёй. 
Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўславіў Яго языком маім. 
Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Гасподзь. 
Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго. 
Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае. 
