﻿ПСАЛТЫР.
67.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня. 
Няхай паўстане Бог - і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі! 
Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць! 
А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці. 
Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, - і прад абліччам Ягоным радуйцеся. 
Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй! 
Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні. 
Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні, 
зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай - ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага. 
Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе. 
Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму. 
Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства. 
«Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу. 
Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы - як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам: 
калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне. 
Гара Божая! - гара Васанская! гара высокая - гара Васанская! 
Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна! 
Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні. 
Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога. 
Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас. 
Бог нам - Бог на ратаваньне; ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці. 
Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў. 
Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога, 
каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў. 
Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні: 
наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі: 
«Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы - ад семені Ізраілевага!» 
Там Веньямін малодшы - іхні князь; князі Юдавы - уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы. 
Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам! 
Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары. 
Утаймуй зьвера ў трысьнягу, - статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць. 
Прыйдуць вяльможы з Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога. 
Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада, 
Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы. 
Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная - на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная - на аблоках. 
Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў - Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог! 
