﻿ПСАЛТЫР.
70.
На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены. 
Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне. 
Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая - Ты. 
Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка. 
Бо Ты - надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго. 
На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца. 
Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты - цьвёрдая надзея мая. 
Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч. 
Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне, 
бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, - ладзяць нарады, 
кажучы: «Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў». 
Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу. 
Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха! 
А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу. 
Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім. 
Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю - адзіна Тваю. 
Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю. 
І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю. 
Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе? 
Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне. 
Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне. 
І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў! 
Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў; 
і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне. 
