﻿ПСАЛТЫР.
71.
Пра Саламона. Псальма Давідава. Божа! даруй цару Твой суд і сыну цара Тваю праўду, 
няхай судзіць людзей Тваіх справядліва і ўбогіх Тваіх на судзе; 
няхай прынясуць горы мір людзям і пагоркі праўду; 
няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага, і суйме прыгнятальніка, - 
і будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, у роды родаў. 
Ён сыдзе, як дождж на скошаны луг, як кроплі, што арашаюць зямлю; 
У дні ягоныя праведнік будзе цьвісьці, і будзе вялікі спакой, пакуль ня спыніцца месяц: 
ён будзе валадарыць ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі; 
упадуць перад ім жыхары пустыняў, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл; 
цары Тарсіса і выспаў даніну яму паднясуць; цары Аравіі і Савы дары паднясуць; 
і паклоняцца яму ўсе цары; усе народы служыцьмуць яму; 
бо вызваліць ён убогага, што галосіць, і прыгнечанага, што дапамогі ня мае, 
умілажаліцца з гаротніка ўбогага, і душы гаротнікаў уратуе; 
ад хітрыны і гвалту вызваліць душы іхнія, і каштоўнаю будзе кроў перад вачыма ягонымі; 
і будзе жыць, і будуць даваць яму золата Аравіі, і будуць маліцца за яго няспынна, кожнага дня дабраслаўляць яго; 
на зямлі будзе шчодрае збожжа, наверсе гор; і плады ягоныя захвалююцца, быццам лес на Ліване, і ў гарадах размножацца людзі, як трава на зямлі; 
будзе імя ягонае дабраславёнае навечна; пакуль сонца жыве, будзе перадавацца імя ягонае; і дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя, усе народы будуць злагоджваць яго. 
Дабраславёны Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў, адзіны, Хто творыць цуды, 
і дабраславёнае імя славы Ягонае навечна, і напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Амін і амін. 
Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэевага. 
