﻿ПСАЛТЫР.
72.
Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам! 
А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, - 
я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных, 
бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх; 
на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць. 
Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх; 
вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца, 
сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць; 
вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца. 
Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю 
і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?» 
І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце. 
І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі, 
і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю? 
Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх. 
І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх, 
пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца. 
Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы. 
Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў! 
Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі. 
Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая, 
быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою. 
Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку: 
Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне. 
Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі. 
Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна, 
бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца. 
А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае! 
