﻿ПСАЛТЫР.
76.
Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава. 
Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне. 
У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць. 
Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух. 
Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць. 
Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя; 
узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой: 
няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць? 
няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род? 
няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае? 
І сказаў я: вось гора маё - перамена правіцы Ўсявышняга. 
Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае. 
Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае. 
Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш! 
Ты - Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў; 
Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа. 
Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані. 
Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае. 
Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася. 
Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя. 
Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона. 
