﻿ПСАЛТЫР.
78.
Псальма Асафава. Божа! язычнікі прыйшлі ў спадчыну Тваю; апаганілі сьвяты храм Твой; Ерусалім ператварылі ў руіны; 
трупы рабоў Тваіх аддалі на поед птушкам нябесным, целы сьвятых Тваіх зьвярам зямным; 
пралілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліма, і ня было каму іх пахаваць. 
Мы зрабіліся пасьмешышчам у суседзяў нашых, ганьбаю і сараматою тых, хто вакол нас. 
Дакуль, Госпадзе, не перастанеш гневацца, будзе рэўнасьць Твая палаць, як вагонь? 
Вылі гнеў Твой на народы, якія Цябе ня ведаюць, і на царствы, якія імя Твайго не заклікаюць, 
бо яны пажэрлі Якава, і селішча ягонае спустошылі. 
Не спамяні нам грахоў нашых продкаў; хай неўзабаве запабегнуць нас шчадроты Твае; бо мы зусім аслаблі. 
Памажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля славы імя Твайго; вызвалі нас, і даруй нам грахі нашыя дзеля імя Твайго. 
Навошта казаць язычнікам: «дзе Бог іхні?» Хай стане вядомая сярод язычнікаў перад вачыма нашымі помста за пралітую кроў рабоў Тваіх. 
Хай прыйдзе прад аблічча Тваё стогн вязьня; магутнасьцю сілы Тваёй захавай асуджаных на сьмерць. 
Сем разоў вярні суседзям нашым у нетры іхнія кляцьбу, якою яны Цябе, Госпадзе, пракліналі. 
А мы, народ Твой і Тваёй пашы авечкі, вечна славіць будзем Цябе, і род у род узносіць славу Табе. 
