﻿ПСАЛТЫР.
79.
Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошанім-Эдуф. Псальма Асафава. 
Пастыр Ізраілеў! паслухай; Ты, што водзіш, як авечак, Язэпа, і сядзіш на хэрувімах, акажы Сябе. 
Перад Яфрэмам і Веньямінам і Манасіем абудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас. 
Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся! 
Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго? 
Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх сьлязьмі, у вялікай меры, 
паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца. 
Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся! 
Зь Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе; 
ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла замлю. 
Горы накрыліся ценем яе, і гольле яе нібы кедры Божыя: 
яна пусьціла гольле сваё да мора і пасынкі свае да ракі. 
Навошта разбурыў Ты агароджу яе, так што скубуць яе ўсе, хто ідзе па дарозе? 
Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб'ядае. 
Божа сіл! азірніся, паглядзі зь неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты; 
ахавай тое, што пасадзіла правіца Твая, і пасынкі, якія Ты Сабе ўмацаваў. 
Яно спалена вагнём, абсечана; хай ад зьзяньня аблічча Твайго загінуць, 
хай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў Сабе, 
і мы ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё заклікаць. 
Госпадзе, Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся. 
