﻿ПСАЛТЫР.
81.
Псальма Асафава. Бог стаяў у гурце багоў; сярод багоў правіў суд: 
дакуль будзеце вы судзіць несправядліва і патураць бязбожным? 
Чынеце суд беднаму і сіраце; прыгнечанаму і гаротнаму справядлівасьць рабеце; 
вызваляйце беднага і ўбогага; вырывайце яго з рук бязбожнікаў. 
Ня ведаюць, не разумеюць, у цемрадзі ходзяць; усе асновы зямлі хістаюцца. 
Я сказаў: вы - багі, і сыны Ўсявышняга - усе вы; 
але вы памраце, як людзі, і ўпадзяце, як кожны з князёў. 
Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты спадкуеш усе народы. 
