﻿ПСАЛТЫР.
82.
Песьня. Псальма Асафава. 
Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа! 
Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву: 
супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш; 
сказалі: «пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля». 
Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус: 
селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране, 
Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра; 
і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым. 
Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона, 
якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі. 
Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам, 
якія казалі: «возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя». 
Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома. 
Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы, 
так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю, 
напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе! 
Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць, 
і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя - Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю. 
