﻿ПСАЛТЫР.
84.
Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма. 
Госпадзе! Ты ўмілажаліўся зь зямлі Тваёй, вярнуў палон Якаваў; 
беззаконьне народу Твайго дараваў, усе грахі ягоныя пакрыў, 
гнеў Твой увесь суняў, адвярнуў лютасьць гневу Твайго. 
Узнаві нас, Божа ратунку нашага, і спыні абуранасьць Тваю намі. 
Няўжо вечна будзеш гневацца на нас, і пашырыш Твой гнеў з роду ў род? 
Няўжо зноў не ажывіш нас, каб народ Твой зарадаваўся Табе? 
Пакажы нам, Госпадзе, ласку Тваю, і даруй нам выратаваньне Тваё. 
Паслухаю, што скажа Гасподзь Бог. Ён скажа мір народу Свайму і выбранцам Сваім; і няхай не ўпадуць яны зноў у неразважлівасьць. 
Сапраўды, выратаваньне Ягонае блізкае тым, хто баіцца Яго, каб слава Ягоная жыла ў нашай зямлі. 
Вернасьць і мілата сустрэнуцца, справядлівасьць і мір пацалуюцца; 
зь зямлі вернасьць вырасьце, а справядлівасьць прыхіліцца зь неба; 
і Гасподзь дабрадзенства ўдзеліць, і ўродзіць зямля наша плод свой; 
прад Ім справядлівасьць пойдзе, і дарогу нам вызначыць крокам Ягоным. 
