﻿ПСАЛТЫР.
87.
Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта. 
Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою. 
Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго. 
Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай. 
Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы, 
паміж мёртвымі кінуты, - як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя. 
Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань. 
Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне. 
Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці. 
Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе. 
Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе? 
Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая - у месцы тленьня? 
Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця - праўда Твая? 
але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе. 
Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне? 
Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю. 
Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне, 
кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам. 
Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць. 
