﻿ПСАЛТЫР.
88.
Вучэньне Этана Эзрахіта. 
Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі, 
бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў: 
«Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму: 
навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна». 
І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых, 
бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду? 
Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае. 
Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе. 
Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш. 
Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх. 
Твае - нябёсы і Твая - зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў. 
Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца. 
Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая! 
Правасудзьдзе й істасьць - аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць. 
Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе; 
а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца, 
бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш. 
Ад Госпада - шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш. 
Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу. 
Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго. 
Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго. 
Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго. 
Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных, 
і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны, 
і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі - правіцу ягоную 
Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго. 
І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных, 
навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны. 
І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон - як дні неба. 
Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх; 
калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць: 
наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі - няпраўду іхнюю; 
а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй. 
Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх, 
Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду? 
Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною; 
вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах». 
Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго; 
занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны; 
разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя. 
Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім. 
Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных. 
Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве; 
адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу; 
скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам». 
Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь? 
Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых? 
Хто зь людзей жыў - і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай? 
Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю. 
Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў, 
як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго. 
Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін! 
