﻿ПСАЛТЫР.
90.
Пахвальная песьня Давідава. Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга, той пакоіцца ў засені Ўсемагутнага, 
кажа Госпаду: прыстанішча мне і Заступніку мой, Божа мой, на Цябе спадзяюся! 
Ён цябе вызваліць зь сетак лаўца, ад пагібельнай пошасьці; 
пер'ем Сваім Ён цябе ўзасьціць, і пад крыльлем ягоным убясьпечышся; шчыт і аслона - ісьціна Ягоная. 
Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае, 
ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні. 
Упадзе тысяча побач з табою, і дзесяць тысяч праваруч ад цябе; але да цябе не наблізіцца: 
толькі глядзецьмеш вачыма тваімі і ўбачыш помсту бязбожнікам. 
Бо сказаў Ты: Гасподзь - надзея мая; Усявышняга выбраў ты прыстанішчам тваім; 
ліха цябе не спаткае, і пошасьць жытла твайго не зачэпіць; 
бо анёлам Сваім наказвае пра цябе - ахоўваць цябе на ўсіх дарогах тваіх, 
і на руках цябе панясуць, каб не спатыкнуўся ты аб камень нагою тваёю; 
на асьпіда і васіліска наступіш і патопчаш ільва і дракона. 
«За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё. 
Пакліча Мяне і пачую яго: зь ім Я ў жалобе, вызвалю яго, і праслаўлю яго; 
даўжынёю дзён напоўню яго, і пакажу яму выратаваньне Маё». 
