﻿ПСАЛТЫР.
91.
Псальма. Песьня на дзень суботні. 
Дабро ёсьць - славіць Госпада і сьпяваць імю Твайму, Усявышні, 
абвяшчаць раніцай ласку Тваю і праўду Тваю ўначы, 
на дзесяціструнным і на псалтыры, зь песьняю на арфе. 
Бо Ты ўсьцешыў мяне, Госпадзе, тварэньнем Тваім; я захапляюся дзеямі рук Тваіх. 
Якія вялікія дзеі Твае, Госпадзе! дзівосна глыбокія помыслы Твае: 
Чалавек няцямны ня ведае, і недавумак не разумее таго. 
Тым часам як бязбожныя растуць, бы трава, і ліхадзеі квітнеюць, каб зьнікнуць навечна, - 
Ты, Госпадзе, высокі векавечна! 
Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, - вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі; 
а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем; 
і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў. 
Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване. 
Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага; 
яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя, 
каб абвяшчаць, што Гасподзь справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды. 
