﻿ПСАЛТЫР.
93.
Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня. Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе! 
Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату. 
Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць? 
Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі; 
топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю. 
Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак, 
і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў. 
Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі? 
Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць? 
Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, - Той, Хто вучыць чалавека разуменьню? 
Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя. 
Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім, 
каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма! 
Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй. 
Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам. 
Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў? 
Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу. 
Калі я казаў: хістаецца нага мая, - ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне. 
Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць. 
Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону? 
Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую. 
Але Гасподзь - абарона мая, і Бог мой - цьвярдыня прытулку майго, 
і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш. 
