﻿ПСАЛТЫР.
95.
Пахвальная песьня Давідава. На будову дома. Засьпявайце Госпаду песьню новую; засьпявайце Госпаду, уся зямля; 
сьпявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Ягонае, зьвястуйце дзень у дзень выратаваньне Ягонае; 
абвяшчайце ў народах славу Ягоную, ва ўсіх плямёнах дзівосы Ягоныя; 
бо вялікі Гасподзь і праслаўлены, грозны Ён над багамі ўсімі. 
Бо ўсе багі народаў - ідалы, а Гасподзь нябёсы стварыў. 
Слава і веліч прад абліччам Ягоным, сіла і вялікае хараство ў сьвятыні Ягонай. 
Дайце Госпаду, плямёны народаў, дайце Госпаду славу і гонар; 
дайце Госпаду славу імя Ягонага, нясеце дары, і ідзеце ў двары Ягоныя; 
пакланецеся Госпаду ў аздобе сьвятыні. Трымцеце прад абліччам Ягоным, уся зямля! 
Скажэце народам: валадарыць Гасподзь! таму сусьвет цьвёрды, не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы па праўдзе. 
Хай весяляцца нябёсы, і хай радуецца зямля; хай шуміць мора і ўсё, што ў ім; 
хай радуецца поле і ўсё, што на ім, і хай сьпяваюць тады ўсе дрэвы ў дубровах 
прад абліччам Госпада, бо ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет па праўдзе, і народы паводле ісьціны Сваёй. 
