﻿ПСАЛТЫР.
101.
Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю. 
Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе. 
Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне. 
Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка; 
сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб; 
ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй. 
Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах; 
ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху. 
Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне. 
Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі, 
ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне. 
Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава. 
Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род. 
Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час; 
бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць. 
І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй. 
Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй; 
паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй. 
Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада, 
бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю, 
каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці, 
каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме, 
калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду. 
Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае. 
Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў. 
На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх; 
яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца; 
але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца. 
Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім. 
