﻿ПСАЛТЫР.
103.
Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч, 
Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону, 
ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру. 
Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх - з вагню палымянага. 
Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна. 
Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць. 
Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны; 
узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў. 
Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць. 
Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды, 
пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю. 
Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы. 
Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца. 
Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў, 
і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку. 
Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў; 
на іх гняздуюцца птушкі: яліны - пад гняздо буслам, 
высокія горы - сарнам; каменныя скалы - сховы зайцам. 
Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад. 
Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры; 
ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе. 
Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы; 
выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара. 
Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх. 
Гэта мора - вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія; 
там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім. 
Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова. 
Даеш ім - прымаюць; адкрываеш далоню Тваю - насычаюцца дабром; 
схаваеш аблічча Тваё - палохаюцца; забіраеш у іх дух - паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца; 
пашлеш дух Твой - ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі. 
Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі. 
Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца. 
Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць. 
Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе. 
Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя! 
