﻿ПСАЛТЫР.
104.
Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя. 
Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя. 
Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада. 
Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды. 
Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных, 
вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя. 
Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя. 
Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў, 
якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку, 
і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным, 
кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай. 
Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй, 
і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя, 
нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў: 
«не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла». 
І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў. 
Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп. 
Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная, 
пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго. 
Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго. 
Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім, 
каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці. 
Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву, 
і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных. 
Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных. 
Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў. 
Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай. 
Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму. 
Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю. 
Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх. 
Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы. 
Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю. 
І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх. 
Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў; 
і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх. 
І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй. 
І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага. 
Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго. 
Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу. 
Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх. 
Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх, 
бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго, 
і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці: 
і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую, 
каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя! 
