﻿ПСАЛТЫР.
105.
Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная. 
Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную? 
Дабрашчасныя - хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час! 
Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім, 
каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю. 
Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду. 
Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора. 
Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю. 
Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім; 
і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага. 
Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося. 
І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму. 
Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня: 
і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай. 
І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць. 
І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму. 
Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню. 
І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных. 
Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу; 
і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву. 
Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў, 
дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора. 
І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх. 
І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму; 
і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга. 
І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні, 
і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі. 
Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным, 
і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх. 
І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, - і спынілася пошасьць 
І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род. 
І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх, 
бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі. 
Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь; 
а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх; 
служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю, 
і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам; 
пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, - і зьнячысьцілася зямля крывёю; 
зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі. 
І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю 
і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі. 
Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю. 
Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё. 
Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі, 
і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх, 
і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон. 
Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю. 
Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя! 
