﻿ПСАЛТЫР.
106.
Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная! 
Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага 
і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора. 
Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада; 
цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх. 
Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх, 
і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада. 
Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых: 
бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром. 
Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам; 
бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі. 
Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка. 
Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх, 
вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы. 
Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых: 
бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў. 
Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае; 
усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці. 
Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе; 
паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх. 
Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым! 
Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю! 
Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, - 
бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані: 
Ён маўляе, - і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго: 
узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах; 
яны кружацца і хістаюцца, нібы п'яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае. 
Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх. 
Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца. 
І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані. 
Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым! 
Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў! 
Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады - у сушу, 
зямлю пладавітую - у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй. 
Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую - у крыніцу вады; 
і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім; 
засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады. 
Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее. 
Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі; 
Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма. 
А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак. 
Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае. 
Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада. 
