﻿ПСАЛТЫР.
113.
Алілуя. Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава - з народу іншапляменнага, 
Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль - валоданьнем Ягоным. 
Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад. 
Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі. 
Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад? 
Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі? 
Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава, 
Які ператварае скалу ў возера вады і камень - у крыніцу вады. 
Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй. 
Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог? 
Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча. 
А іхнія ідалы - срэбра і золата, творы рук чалавечых. 
Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць; 
ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма; 
ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго. 
Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца. 
Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. 
Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. 
Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. 
Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом; 
дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх. 
Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым, 
дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю. 
Неба - неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым. 
Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць, 
а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя. 
