﻿ПСАЛТЫР.
114.
Алілуя. Я радуюся, што Гасподзь пачуў голас мой, малітву маю, 
прыхіліў да мяне вуха Сваё; і таму буду клікаць Яго ўсе дні мае. 
Агарнулі мяне хваробы сьмяротныя, пакуты пякельныя агарнулі мяне; сустрэў я ўціскі і смуткі. 
Тады клікнуў я імя Гасподняе: Госпадзе! уратуй душу маю. 
Гасподзь літасьцівы і справядлівы, міласэрны Бог наш. 
Асланяе Гасподзь прастадушных: я ўвесь зьнямог, і Ён дапамог мне. 
Вярніся, душа мая, у спакой твой; бо Гасподзь умілажаліўся зь цябе. 
Ты збавіў душу маю ад сьмерці, вочы мае - ад сьлёз і ногі мае - ад спатыканьня. 
Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім па зямлі жывых. 
