﻿ПСАЛТЫР.
120.
Песьня ўзыходжаньня. Падымаю вочы мае ўгору, адкуль прыйдзе дапамога мая. 
Дапамога мая ад Госпада, Які стварыў неба й зямлю. 
Ня дасьць Ён пахіснуцца назе тваёй, не задрэмле Той, Хто асланяе цябе: 
ня дрэмле і ня сьпіць, Хто асланяе Ізраіля. 
Гасподзь - ахавальнік твой; Гасподзь - шата твая з правай рукі Тваёй. 
Удзень сонца цябе не заб'е, ані месяц уночы. 
Гасподзь аслоніць цябе ад усякага ліха; ахавае душу тваю Гасподзь. 
Гасподзь будзе ахоўваць твой выхад і ўваход ад сёньня і вечна. 
