﻿ПСАЛТЫР.
131.
Песьня ўзыходжаньня. Спамяні, Госпадзе, Давіда, і ўсе ягоныя пакуты: 
як ён прысягаў Госпаду, даваў зарок Моцнаму Якава; 
«не ўвайду ў палатку дома майго, ня ўзыду на ложак мой; 
ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты, 
пакуль не знайду месца Госпаду, жытлішча Моцнаму Якава». 
Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Ярыма. 
Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных. 
Стань, Госпадзе, на месца пакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй. 
Сьвятары Твае апранаюцца ў праўду, і сьвятыя Твае ўзрадуюцца. 
Дзеля Давіда, раба Твайго, не адвярні аблічча памазанца Твайго. 
Прысягаў Гасподзь Давіду ў ісьціне, і не зрачэцца яе; «ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на троне тваім. 
Калі сыны твае будуць шанаваць запавет Мой і Мае сьведчаньні, якім Я іх навучу: дык і іхнія сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім». 
Бо выбраў Гасподзь Сіён; пажадаў яго жытлом Сабе. 
«Гэта - спакой Мой навечна; тут пасялюся, бо Я пажадаў яго. 
Ежу ягоную дабраслаўляючы дабраслаўлю, убогіх ягоных накармлю хлебам; 
сьвятароў ягоных апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя радасьцю ўзрадуюцца. 
Там згадую рог Давіду, пастаўлю сьветач памазанцу Майму. 
Ворагаў ягоных апрану ў сорам; а на ім будзе зьзяць вянок ягоны». 
