﻿ПСАЛТЫР.
134.
Алілуя. Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія, 
усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага. 
Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка, 
бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю. 
Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў. 
Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях; 
узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх. 
Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла, 
паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных, 
пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных: 
Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія; 
і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму. 
Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род. 
Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца. 
Ідалы язычнікаў - срэбра і золата, утворы рук чалавечых. 
Ёсьць у іх вусны, але не маўляюць, ёсьць у іх вочы, але ня бачаць; 
ёсьць у іх вушы, але ня чуюць, і няма дыханьня ў вуснах у іх. 
Спадобняцца ім тыя, што робяць іх, і кожны, хто спадзяецца на іх. 
Доме Ізраілеў! дабраславеце Госпада. Доме Ааронаў! дабраславеце Госпада. 
Доме Лявія! дабраславеце Госпада. Хто баіцца Госпада, дабраславеце Госпада. 
Дабраславёны Гасподзь ад Сіёна, Які жыве ў Ерусаліме! Алілуя! 
